Былыя супрацоўнікі «Прававой ініцыятывы» заявілі пра таксічную працоўную атмасферу ў арганізацыі. Яны сцвярджаюць, што кіраўніцтва гадамі выкарыстоўвала сістэму штрафаў, патрабавала перапрацовак і аказвала псіхалагічны ціск. «Люстэрка» звярнулася па каментары да кіраўнікоў «Прававой ініцыятывы» і публікуе пазіцыі абодвух бакоў.
«Прававая ініцыятыва» — праваабарончая арганізацыя, зарэгістраваная ў Беларусі ў 1996 годзе. Праз рэпрэсіі вымушаная была працягнуць працу з-за мяжы, цяпер зарэгістраваная ў Літве. Асноўныя напрамкі працы — абарона ахвяр парушэнняў правоў чалавека і прававая асвета. Спецпраект «Прававой ініцыятывы» — Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў, які збірае і захоўвае доказы злачынстваў беларускага рэжыму. У кастрычніку 2024 года МУС Беларусі прызнала Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў экстрэмісцкім фарміраваннем.
Сярод праектаў праваабаронцаў «Ініцыятывы» — сэрвіс, які дазваляе хутка праверыць, ці бяспечныя краіны, якія збіраюцца наведаць пераследаваныя на радзіме грамадзяне Беларусі. А таксама даклады пра самых жорсткіх супрацоўнікаў ГУБАЗіК, катаванні ў наваполацкай і гомельскай калоніях.
Што здарылася
У пачатку снежня праваабаронца Марына Касінерава апублікавала ў Facebook пост са сведчаннямі былых супрацоўнікаў «Прававой ініцыятывы» пра фінансавы ціск і таксічную атмасферу ў арганізацыі. Паводле яе, спробы вырашыць праблемы праз унутраныя механізмы праваабарончага сектара не спрацавалі.
Прэтэнзіі на адрас «Прававой ініцыятывы» таксама агучыла яе былая супрацоўніца Юлія Швабовіч. На YouTube-канале «Контркультура отмены» яна расказала пра свой досвед працы ў арганізацыі ў 2019−2020 гадах, а таксама прывяла словы тых, хто прыйшоў у ініцыятыву пасля яе. У абодвух выпадках прэтэнзіі гучалі на адрас сузаснавальнікаў арганізацыі — Сяргея Усцінава і Вікторыі Фёдаравай.
«Люстэрка» звярнулася ў арганізацыю з просьбай пракаментаваць гэтыя абвінавачанні і атрымала падрабязныя адказы. Ліст не быў падпісаны, аднак прыйшоў з афіцыйнай пошты «Прававой ініцыятывы» і змяшчаў у тым ліку скрыншоты, зробленыя праз акаўнты Сяргея і Вікторыі.
Штрафы
Як сцвярджаюць былыя супрацоўнікі, у арганізацыі дзейнічала сістэма пакаранняў. Людзей штрафавалі за невыкананне задач ці пропуск дэдлайнаў на суму, роўную аплаце аднаго-двух рабочых дзён. Пры гэтым, з іх словаў, прэтэнзіі былі неабгрунтаванымі.
— Падставай для штрафу можа стаць усё: незразумелая задача, пра якую ты не ведаў, прапушчаны сазвон, пра які ніхто не паведаміў, зрушаны дэдлайн, які фізічна немагчыма было выканаць, — расказвала ў відэа Юлія Швабовіч са спасылкай на былых супрацоўнікаў. — Схема выглядае так: з чалавекам дамаўляюцца на разумны аб’ём працы, потым гэты аб’ём паступова павялічваюць, усё гэта ўскладняецца да мяжы, і ў выніку за невыкананне працы ці невыкананне дэдлайну ты атрымліваеш штраф. У тым ліку таму супрацоўнікі вымушаныя працаваць звышурочна, інакш яны проста рызыкуюць страціць частку заробку.
Як растлумачылі «Люстэрку» кіраўнікі «Прававой ініцыятывы», у 2022 годзе было прынятае «Палажэнне пра нормы і дэдлайны пры аказанні паслуг па праектах» «у адказ на паўтаральныя выпадкі зрыву тэрмінаў». Гаворка, з іх словаў, ідзе «не пра штрафы ў дысцыплінарным сэнсе, а пра загадзя ўзгодненыя меры дамоўнай адказнасці».
Згодна з цытатай з гэтага дакумента, пакараць фінансава могуць за «ігнараванне паведамлення больш за тры гадзіны» ў працоўны дзень, «невыкананне працоўнай задачы без паважных і пацверджаных дакументальна прычын», «спазненне больш чым на 15 хвілін на анлайн-сустрэчу», а таксама пропуск дэдлайнаў.
У кіраўніцтве заявілі, што за 2025 год фінансавыя санкцыі выкарыстоўваліся толькі двойчы: адзін раз — за «невыкананне абавязкаў SMM-спецыяліста», другі — «за затрымку матэрыялу на тры месяцы». У абодвух выпадках штраф быў роўны кошту аднаго працоўнага дня. Колькасць спагнанняў за 2022−2024 гады кіраўніцтва ацаніла ў «каля 10−15» і падкрэсліла, што «яны не былі масавай з’явай». Дакладна іх палічыць не атрымалася, бо табліцы ўліку за гэты перыяд выдаленыя.
Атмасфера ў камандзе
Былыя работнікі таксама адзначалі нездаровую атмасферу ў арганізацыі.
— У цэлым уся камунікацыя вельмі таксічная. Зносіны грэблівыя, часта з матам і абясцэньваннем асобы, — расказвала ў відэа Юлія. — Насмешкі, агрэсія, прамыя абразы — у парадку нормы. У калектыў транслюецца, што яны ніхто і з імі няма пра што гаварыць. Пастаянна адбываюцца спробы пасварыць супрацоўнікаў паміж сабой. Нягледзячы на каласальныя перапрацоўкі, любыя дасягненні абясцэньваюцца. Супрацоўнікі, на думку Сяргея і Вікторыі, заўсёды ўсё робяць кепска. Выпадкі, калі Сяргей кагосьці пахваліў, можна пералічыць па пальцах. І так, людзей на планёрках даводзяць да слёз несправядлівымі прэтэнзіямі.
Кіраўніцтва ініцыятывы напружанасць у адносінах у перыяд 2022−2024 гадоў звязвае з эвакуацыяй часткі каманды з Украіны з прычыны вайны і вымушанай паўторнай адаптацыі ў новых краінах.
Пра тое што ў камандзе перыядычна ўзнікалі канфлікты, там прызнаюць. Аднак, як запэўнілі ў лісце, публічнага зневажання супрацоўнікаў «не адбывалася і не адбываецца».
Кіраўніцтва таксама расказала, што ў спробах палепшыць сітуацыю ў калектыве ладзілі абмеркаванні праблем, запрашалі коўча. Была прызначаная каардынатарка па ментальным дабрабыце, у задачу якой уваходзіць «своечасова выяўляць канфліктныя сітуацыі і падтрымліваць псіхалагічны камфорт каманды».
— Плануецца таксама ўкараненне штомесячных анкет для рэгулярнага збору зваротнай сувязі, каб адсочваць узровень задаволенасці супрацоўнікаў, выяўляць цяжкасці, якія ўзнікаюць, і аператыўна іх вырашаць, — гаворыцца ў адказе на запыт «Люстэрка».
Перапрацоўкі
Яшчэ адна прэтэнзія датычыла перапрацовак. Юлія Швабовіч характарызавала іх як «жахлівыя» і «несувымерныя фізічным магчымасцям».
— Часам працоўны дзень мог доўжыцца 14 гадзін без перапынкаў на ежу. Але нават калі чалавек сапраўды арэ, гэта не прызнаецца. Сяргей і Вікторыя скурпулёзна праглядаюць пагадзінныя штодзённыя справаздачы пра працу і даюць каментары наконт таго, што «ты не магла выдаткаваць столькі часу на выкананне пэўнай задачы», «ты хлусіш і на самай справе не дапрацоўваеш».
Кіраўніцтва арганізацыі даслала «Люстэрку» ананімізаваныя звесткі з «табліцы ўліку працоўнага часу» супрацоўнікаў за 2025 год. Сістэма такая: у табліцу запісваюць кожную канкрэтную задачу і тое, колькі гадзін пайшло на яе выкананне. У канцы месяца ўсё гэта складваецца і дзеліцца на восем — атрымліваецца колькасць адпрацаваных дзён (за якія належыць аплата).
Мяркуючы з гэтай інфармацыі, у 2025 годзе ў супрацоўнікаў было ад 12 да 28 васьмігадзінных рабочых дзён на месяц. Максімальныя 28 дзён, са словаў кіраўніцтва, былі звязаныя з камандзіроўкай — работніку залічылі ў працоўны час і дарогу да патрэбнага месца.
Канкрэтны час пачатку працоўнага дня і яго заканчэння, а таксама тое, ці ёсць перапынак на абед, з дасланай табліцы зразумець немагчыма. «Кава-паўзы, абеды і інш не ўлічваюцца ў табліцы», — падкрэслілі ў «Прававой ініцыятыве».
Як доказ таго, што супрацоўнікі мелі магчымасць браць выходныя ці адгулы, кіраўнікі даслалі скрыншоты адпаведных перапісак.
Абмеркаванне грошай і выплаты «з уласнай кішэні»
Фінансавае пытанне былыя супрацоўнікі таксама назвалі адным з праблемных. Паводле іх версіі, кіраўніцтва рэгулярна падкрэслівала, што «плаціць заробак з уласнай кішэні» і нікога сілай не трымае.
— Пры ўзнікненні найменшай канфліктнай сітуацыі нам паказвалі на дзверы, казалі, што мы працуем па дамове падраду, таму ніхто нам нічым не абавязаны. Што мы можам сысці ў любы момант, толькі вось нас не возьмуць працаваць нават у «Максіму» (гандлёвая сетка. — Заўв. рэд.) і мы будзем «смактаць макарону без масла», — цытавала Марына Касінерава.
У адказе «Люстэрку» гаворыцца, што заробак у «Прававой ініцыятыве» пакрываецца «за кошт праектаў». Быў толькі адзін выпадак, калі кіраўніцтва выплаціла свае сродкі праз затрымку траншу.
— Варта адзначыць, што па большасці праектаў фінальны транш у памеры 10−20 працэнтаў пералічваецца толькі пасля завяршэння праекта і праходжання аўдыту. Гэтыя фінансавыя разрывы і звязаныя з імі выдаткі не перакладаюцца на супрацоўнікаў і цягам усяго перыяду дзейнасці арганізацыі кампенсаваліся кіраўніцтвам. Інфармаванне супрацоўнікаў пра спецыфіку праектнага фінансавання магло быць успрынятае асобнымі асобамі як заяву пра выплаты «з уласнай кішэні», — лічаць у кіраўніцтве.
Нас таксама запэўнілі, што з сярэдзіны 2021 года ні разу не затрымлівалі заробак (літоўскае заканадаўства прадугледжвае пеню за затрымку выплат работнікам. — Заўв. рэд.). Мінімальны ўзровень пры выпрацоўцы 22 дзён на месяц складае 1980 еўра, а з траўня 2025 года ўведзеная штомесячная прэмія ў 100 еўра для самага загружанага супрацоўніка, заявілі ў «Прававой ініцыятыве».
Псіхалагічная дапамога і «асабістыя перакананні»
Аўтары скаргаў сцвярджаюць, што кіраўніцтва высмейвала іх звароты па псіхалагічную дапамогу. Сузаснавальнік арганізацыі Сяргей Усцінаў разважаў пра «псіхолагаў-х*лагаў» і «пусканні сопляў» у асабістым акаўнце ў сацсетцы X.
Пры гэтым былыя супрацоўнікі адзначаюць, што праца з ахвярамі катаванняў псіхалагічна цяжкая, і доступ да спецыялістаў з’яўляецца міжнародным стандартам для такіх арганізацый.
У «Прававой ініцыятыве» запэўнілі, што ўсім супрацоўнікам, якія агучылі жаданне, даецца аплачваная псіхалагічная падтрымка, а кіраўнікі напрамкаў перыядычна нагадваюць пра гэтую магчымасць. Таксама «Люстэрку» даслалі скрыншоты перапісак з абмеркаваннем аплаты псіхалагічнай дапамогі для супрацоўнікаў.
— Варта адзначыць, што асабістыя перакананні Сяргея Усцінава адносна псіхатэрапіі не ўплываюць на прадстаўленне псіхалагічнай падтрымкі супрацоўнікам «Прававой ініцыятывы» і МК, — гаворыцца ў адказе кіраўніцтва.
Скарга і «страта даверу»
Юлія Швабовіч у сваім відэа кажа, што ўжо пасля звальнення ў 2024 годзе спрабавала неяк паўплываць на сітуацыю: пагаварыла з дзейнымі супрацоўнікамі, а пасля скампанавала і перадала іх скаргі ў Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Паводле яе, гэты зварот перанакіравалі ў «Прававую ініцыятыву». Швабовіч назвала «бессэнсоўнай і шкодніцкай» перасылку скаргі тым людзям, на якіх скардзяцца. Пасля гэтага, з яе словаў, унутры арганізацыі «пачаўся масавы шмон».
— Адзін хлопец, на той момант дзейны супрацоўнік, які размаўляў са мной пра ўсю гэтую сітуацыю, хаваць гэты факт не стаў. І за гэта — падкрэсліваю, за сам факт зносін са мной — ён быў звольнены, — кажа аўтарка відэа.
У «Прававой ініцыятыве» заявілі, што «масавага допыту» супрацоўнікаў не было, а сітуацыю са звальненнем пракаментавалі так:
— Было праведзенае адзінкавае абмеркаванне з чалавекам, які на той момант ужо не быў пастаянным супрацоўнікам «Прававой ініцыятывы», а працаваў па падрадзе ў МК на абмежаванай занятасці. Гэты чалавек перадаў інфармацыю іншым асобам, не звярнуўшыся пры гэтым да свайго менеджара або кіраўніцтва для вырашэння сітуацыі. У сувязі з адсутнасцю ўцягнутасці ў працоўныя працэсы і стратай даверу было прынятае рашэнне спыніць супрацоўніцтва.
Што кажуць цяперашнія супрацоўнікі
Дадаткова кіраўніцтва «Прававой ініцыятывы» даслала заяву ад імя семярых цяперашніх супрацоўнікаў. Тыя прызнаюць, што ў мінулым маглі быць складаныя перыяды, звязаныя з рознымі цяжкасцямі. Цяпер жа, як сцвярджае дзейная каманда, сітуацыя змянілася.
— Мы з упэўненасцю заяўляем, што сёння «Прававая ініцыятыва» функцыянуе ў прынцыпова іншых умовах і каштоўнасцях. Мы бачым гэта па выніках нашай працы, устойлівасці каманды, прадуктыўнасці ўзаемадзеяння і рэалізаваных праектах. Мы выбудоўваем камунікацыю на прынцыпах павагі, даверу і адказнасці, а ўнутраныя працоўныя пытанні вырашаюцца праз зваротную сувязь і рэгулярныя абмеркаванні ўнутры каманды.
Дзейныя супрацоўнікі пішуць, што «інфармацыя пра пастаянныя перапрацоўкі і рэгулярны фінансавы ціску на гэты момант не адпавядае рэчаіснасці». Яны згадваюць «Палажэнне пра нормы і дэдлайны», якое прадугледжвае штрафы, але падкрэсліваюць, што пачаткоўцаў знаёмяць з ім да прыёму на працу.
— У арганізацыі таксама строга выконваецца баланс паміж працай і адпачынкам. Кіраўніцтва наўпрост забараняе працу ў непрацоўны час, падчас адпачынку і ў выходныя дні. Перапрацоўкі магчымыя выключна з ініцыятывы самога супрацоўніка і не з’яўляюцца распаўсюджанай практыкай.
У «Прававой ініцыятыве» таксама запэўнілі, што ў апошнія паўтара года сітуацыя змянілася.
— Нам удалося аптымізаваць многія ўнутраныя працэсы — як арганізацыйныя, так і камунікацыйныя. Мы бачым на выніках сваёй дзейнасці, што гэта пазітыўна ўплывае на эфектыўнасць, якасць працы і атмасферу ўнутры каманды. Вядома, нам ёсць куды расці, і мы працягваем удасканальваць працоўныя працэсы.
Пазней у кіраўніцтве дадалі, што звярнуліся ў Дом правоў чалавека па дапамогу, каб знайсці незалежнага эксперта, які ацэніць сітуацыю ў арганізацыі.
Чытайце таксама











