Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава цяпер на волі — імаверна, неўзабаве ім трэба будзе вырашыць, ці хочуць яны звязаць сваю будучыню з палітыкай. Пра тое змогуць яны знайсці сябе ў эміграцыі або сыдуць у цень, у новым выпуску шоу «Як гэта разумець» разважаюць вядоўца Глеб Сямёнаў і аналітык Арцём Шрайбман.
Арцём Шрайбман лічыць, што без выразнай заявы Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай пакуль рана сцвярджаць, ці захочуць былыя вязні працягнуць палітычную кар’еру. Эксперт адзначае, што сітуацыя кардынальна змянілася ў параўнанні з 2020 годам, і праца ў выгнанні запатрабуе іншых навыкаў і падыходаў.
— Важная агаворка: калі яны захочуць [займацца палітыкай]. Бо і Віктар Бабарыка, і Марыя Калеснікава сталі палітыкамі, апазіцыйнымі і пратэснымі лідарамі ў абсалютна іншай сітуацыі. Былі народны ўздым, яднанне, палітызацыя. У сітуацыі, калі паміж імі і іх выбаршчыкамі была непасрэдная сувязь. Можна было проста выйсці на вуліцу — і вось твае выбаршчыкі. Праз больш чым пяць гадоў у турме, у жудасных умовах інкамунікада, з сынам Віктара Бабарыкі ў калоніі ці захочуць яны займацца новым відам дзейнасці, якім ёсць эміграцыйная палітыка, — гэта вельмі адкрытае пытанне, — лічыць Арцём Шрайбман. — Я не ведаю і думаю, што, можа быць, і яны дагэтуль не ведаюць. Гэта пытанне, якое ім трэба будзе вырашыць, калі яны «дагоняць» сённяшнія падзеі. <…>
Калі ж рашэнне застацца ў палітыцы эміграцыі будзе прынятае, камандзе Бабарыкі давядзецца адказваць на складаныя арганізацыйныя выклікі. Шрайбман мяркуе, што інтэгравацца ў наяўныя структуры будзе няпроста, але ў вызваленых лідараў ёсць добрая база для старту.
— Ёсць вельмі мала амплуа, якія даступныя палітыкам у эміграцыі, — папярэджвае аналітык. — Відавочна, што ім спатрэбіцца свая структура. Ёсць рэшткі іх ранейшага штаба, людзі, якія засталіся актыўныя ў эміграцыі: Іван Краўцоў, Антон Раднянкоў, іншыя актывісты <…>. У Марыі Калеснікавай ёсць сястра Таццяна Хоміч, якая таксама была актыўная ўсе гэтыя гады. То-бок нейкі правобраз каманды ёсць, таму з будаўніцтвам структур, відаць, ім будзе прасцей. Пры гэтым важна разумець, што гэта нетрывіяльнае пытанне з арганізацыйнага і фінансавага пунктаў гледжання. Аднекуль трэба будзе атрымліваць фінансаванне і рэсурсы, каб мець магчымасць наладзіць устойлівую дзейнасць. Тую задачу, якую для сябе вырашыў Павел Латушка, вырашыла Святлана Ціханоўская, давядзецца вырашаць і гэтаму цэнтру, калі ён аформіцца.
Шрайбман таксама разважае пра тое, якія сцэнары працы будуць даступныя камандзе Віктара Бабарыкі.
— Спрабаваць камунікаваць з людзьмі ў Беларусі праз медыяканалы будзе складана. Бо ўсе яны, калі яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі, то будуць, — упэўнены Арцём Шрайбман. — Адпаведна, скарачаецца колькасць людзей, з якімі ты будзеш гатовы гаварыць — асабліва калі эйфарыя ад вызвалення пройдзе (цягам тыдняў ці месяцаў). Застаецца натуральнае амплуа, даступнае ўсім эміграцыйным палітыкам, — гэта адвакацыя, міжнародная дыпламатыя, паездкі, сустрэчы з заходнімі палітыкамі і іншымі партнёрамі, якія могуць неяк паўплываць на Беларусь. [Сяргей] Ціханоўскі не хацеў гэтым займацца — давялося. У выніку і Латушка, які першапачаткова ствараў структуру для транзіту ўлады ў Беларусі і гэтак далей, займаецца тым самым. Святлана Ціханоўская, ясна, займаецца тым самым, як і ўся яе каманда. Калі Бабарыка і Калеснікава захочуць пайсці ў гэты бок, то іх чакае прыкладна такі ж немудрагелісты выбар актыўнасцяў.
Пры гэтым Шрайбман звяртае ўвагу на ідэалагічныя разыходжанні паміж «старымі» дэмсіламі і пазіцыяй, якую могуць заняць вызваленыя лідары.
— У іх [Бабарыкі і Калеснікавай] іншае бачанне, мы гэта ўжо разумеем. Яно было іншае і ў 2020 годзе, яно іншае і цяпер. З іх першай размовы з літоўскім прэм’ерам Інгай Ругінене зразумела, што яны выступаюць з мякчэйшых, кампрамісных пазіцый: за актыўныя перамовы з Мінскам, прыярытэтызацыю пытання палітвязняў, санкцыі як механізм, «дапамагайце амерыканцам весці гэтыя перамовы», а не перашкаджайце ім і гэтак далей. Усе гэтыя мэсэджы не ўпісваюцца ў мэйнстрым сённяшніх дэмсілаў. І таму ўжо ад іх залежыць, ці змогуць яны прымірыць гэтыя дзве супрацьлеглыя пазіцыі. Бо ўсе прэтэндуюць на тое, каб раіць Захаду, як распараджацца адным і тым жа — санкцыямі. Але ў розны бок, — кажа Арцём Шрайбман.
Пры гэтым проста «падзяліць» фронт працы, на думку аналітыка, не атрымаецца.
— Можна колькі хочаш казаць, што «мы тут пра гуманітарны трэк, а вось вы там пра палітычны» — гэта рыторыка на карысць бедных. Па факце вы ўсё роўна ў адны і тыя ж заходнія вушы спрабуеце казаць розныя мэсэджы пра тое, як Захаду выкарыстоўваць свае рычагі ціску на Беларусь. І наколькі ім удасца прымірыцца, наколькі будзе эвалюцыянаваць пазіцыя астатніх лідараў апазіцыі — Латушкі, Ціханоўскай — мы ўбачым. Але тое, што поле будзе больш стракатым, поліцэнтрычным, — гэта факт (паўтаруся, калі гэтыя лідары вырашаць застацца ў палітыцы). Калі дагэтуль погляд Ціханоўскай, Латушкі і кампаніі дамінаваў (бо лідары відавочна большага калібру і міжнароднага прызнання былі з гэтага боку), а дыскусійныя з імі погляды ў апазіцыі былі другараднымі, то з выхадам Марыі і Віктара Дзмітрыевіча гэтая вага як мінімум збалансавалася, — заключае эксперт.
Чытайце таксама







